:: ::

БРСМ

Ровесница молодой Беларуси Анастасия Баер. Знакомьтесь.

Равесніка маладой Беларусі Анастасію Баер мне падказала калега – маўляў, чула пра яе нямала станоўчых водгукаў як пра стараннага і адказнага работніка, які не першы год узначальвае малочна-таварную ферму «Кялёйці». Да таго ж жанчына – шматдзетная маці і творчы чалавек: любіць ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Словам, нагод для сустрэчы было больш чым дастаткова. Знаёмім з рознабаковай Анастасіяй і нашых чытачоў.


Юрыст? Бухгалтар? Загадчык фермы!
Дакладней, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі – менавіта так гучыць пасада жанчыны. Змянілася назва, але не абавязкі – Анастасія па-ранейшаму галоўная на МТФ «Кялёйці».
– Гэта мая гаспадарка, і я кругласутачна за яе адказваю: за работнікаў, жывёлу, дакументацыю, словам, за ўсё, – пацвярджае жанчына. – Ранкам прыходжу ў 6 гадзін, прымаю ад начнога вартаўніка аб’ект, пералічваю пагалоўе, правяраю, ці ўсё ў парадку. Затым запаўняю дакументацыю, кантралюю колькасць і якасць малака, раб­лю справаздачы і заказы, калі штосьці патрэбна… Выдаю канцэнтраты, сачу за дойкай, падвозам кармоў – час ляціць хутка. Пасля абеду еду дадому, але ў 18 гадзін – зноў на ферме. І да 22.00. Намеснікаў ці памочнікаў няма, таму і выхадных таксама. Так, праца цяжкая. Але не толькі мая, а ўсіх работнікаў фермы – у нас 14 чалавек. Асабліва складана даяркам, бо ў іх вялікія аб’ёмы. Цяпер адна з дзяўчат хварэе, дык учатырох спраўляюцца – таксама без выхадных. Калі атрымліваецца, падмяняю кагосьці – мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Тым больш што калектыў харошы, надзейны. Часам жартуюць, маўляў, тут працуе сапраўдны сямейны падрад. Калі разабрацца, то і праўда: у нас амаль усе прыходзяцца адзін аднаму нейкімі родзічамі. Але галоўнае, што атмасфера ўтульная, сямейная: у вольны час разам гарбату п’ём, дзелімся радаснымі падзеямі, падтрымліваем, калі бяда здарылася. Праўда, як толькі ўладкавалася на работу, не ўсё гладка было. Некаторыя паглядалі коса: прыйшла тут «пстрычка зялёная» і камандуе. Мне ж толькі 21 год споўніўся, як загадчыкам прызначылі. Да таго ж людзі часта мяняліся, да кожнага трэба было прывыкнуць, знайсці падыход – гэта няпроста. Затое цяпер дакладна ведаю, што любы кіраўнік у першую чаргу павінен быць добрым псіхолагам – умець чалавека выслухаць і зразумець. Метад «бізуна» не заўсёды дзейсны, ды і не люблю яго. Мне здаецца, заўсёды можна знайсці кампраміс, што і стараюся рабіць. Яшчэ я ўпэўнена, што за чорнай паласой абавязкова прыйдзе белая – трэба толькі пачакаць… Працаваць у сельскай гаспадарцы заўсёды было няпроста. У апошні час многія саромеюцца такой работы. Усе прафесіі патрэбныя і важныя, толькі разуменне гэтага прыходзіць з часам. У школе я марыла стаць юрыстам. Вучылася на «выдатна» і рыхтавалася да паступлення ва ўніверсітэт. У той час на юрыдычны факультэт трэба было прайсці папярэдняе сумоўе ў сакавіку. Я пра гэта не ведала – і «праляцела» з тэрмінамі. Ну што ж зробіш… Паехалі з мамай у Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, але і там чакаў «аблом»: набор на юрыста ў той год быў толькі платным. Крыўдна – не тое слова! Ужо ля дзвярэй нас дагнаў адзін з выкладчыкаў з прапановай падаць дакументы на бухгалтара – з такім высокім балам атэстата залічэнне гарантавана. Я, канешне, абурылася – гэта ж не маё! – але згадзілася. Першы месяц было цяжка і нязвыкла, а затым усё ўсталявалася. У выніку скончыла каледж з «адзнакай» і цяпер, калі раблю справаздачу – па дзесяць разоў пераправяраю лічбы. Усё ж бухгалтарская жылка ў мяне ёсць! (Усміхаецца.) Але па спецыяльнасці ні дня не працавала. Яшчэ падчас вучобы выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Здавала дзяржаўныя экзамены і атрымлівала дыплом цяжарная другім – у мяне сыны-пагодкі. Загадчыкам фермы «Кялёйці» ў той час, тады гэта быў калгас імя Гашкевіча, працаваў мой муж, а я дома дапамагала яму з дакументацыяй. Пасля рэарганізацыі Саша вырашыў звальняцца. Тады Эдуард Садоўскі і папрасіў мяне змяніць мужа. Старэйшаму сыну было 1,5 года, малодшаму – 5 месяцаў. Мы з Сашам параіліся, і ў выніку ён пайшоў у дэкрэт, а я – загадчыкам фермы. Спачатку было вельмі цяжка, думала нават звальняцца, але пераадолела той крызісны момант і засталася. Дарэчы, 20 лютага будзе 10 гадоў, як тут працую. І ні аб чым не шкадую! Так, былі розныя моманты, але цяпер магу з упэўненнасцю сказаць, што ўсё склалася да лепшага. Я люблю сваю работу і ўдзячная лёсу, што прывёў мяне менавіта сюды. І яшчэ – мужу, што зразумеў, падтрымаў і падтрымлівае мяне заўсёды.  

Муж, два сыночкі ды дачушка-пястушка
Вось такая, бы ў казцы, сям’я ў Анастасіі – і трэба чуць, з якой цеплынёй і пяшчотай яна пра іх расказвае. Дарэчы, гісторыя кахання ў Баераў цікавая – сустракацца яны пачалі ўжо ў 1-м класе. 
– А ведалі адзін аднаго яшчэ раней, – усміхаючыся, дадае мая суразмоўца. – Мы жылі ў суседніх вёсках: я – у Кялёйцях, ён – у Ізабеліна, нашы бацькі сябравалі і хадзілі адзін да аднаго ў госці. Мы пайшлі ў адзін клас і з 1-га па 3-ці нават «афіцыйна» сустракаліся. (Смяецца.) Але затым пасварыліся і вырашылі быць проста таварышамі – так і сябравалі ўсе школьныя гады. У яго былі свае дзяўчаты, у мяне – свае кавалеры. Мы знаходзіліся як бы паасобку, але не трацілі адзін аднаго з полю зроку – разам хадзілі на танцы, бавілі час у адной кампаніі. Саша па-сяброўску дапамагаў мне ў розных пытаннях, часам падвозіў на вучобу. А пасля мы зразумелі, што не можам адзін без аднаго. Я не скажу, што гэта было раптоўнае і моцнае каханне. Хутчэй, разуменне, што нам добра і ўтульна разам. Нездарма кажуць, што больш трывалыя тыя саюзы, дзе муж і жонка не толькі каханкі, але і сябры. А мы з дзяцінства разам – і ўжо дванаццаты год у статусе сям’і. Мы з Сашам падобныя – абодва скарпіёны па знаку задыяка, эмацыянальныя і ўспыхлівыя, але пройдзе 5 хвілін – і ўжо разам смяёмся. Нам лёгка разумець адзін аднаго, бо мы на адной хвалі. Мы не дзелім хатнія справы на мужчынскія і жаночыя – калі трэба, муж і посуд памые, прыбярэ пакоі. Бывае, затрымаешся на рабоце, прыбяжыш дадому – трэба ж абед хутчэй зварыць. Глядзіш, а ўжо ўсё прыгатавана, і муж кажа: «Ты ж стамілася, ідзі лепш адпачні». Так прыемна становіцца! Сапраўдныя пачуцці вымяраюцца не коштам падарункаў, а клопатам і павагай – і гэта бясцэнна. Але галоўны наш скарб – дзеці. Глеб і Яраслаў пагодкі – 11 і 10 гадоў, яны ўжо нашы памочнікі. А 5 гадоў назад нарадзілася Сафія – усеагульная пястушка і прынцэса. І мы ўсё робім разам: едзем у магазін, на возе­ра, у грыбы, на рыбалку – усюды ўпяцярох. Канешне, бывае, што маме і тату трэба крыху адпачыць ад сямейных турбот, але больш чым на дзень мы не растаёмся. 

Наперад – і не спыняцца!
Такім прынцыпам Анастасія кіруецца па жыцці і робіць усё хутка. А яшчэ яна ўпэўнена, што ні перад якімі цяжкасцямі не варта апускаць рукі.
– Не бывае безвыходных сітуацый, трэба толькі добра ўсё ўзважыць, падумаць – і выйсце знойдзецца, – гаворыць жанчына. – Таму калі ў мяне штосьці не ладзіцца, кажу сабе: так, супакоілася, а цяпер наперад і не спыняйся! Не атрымаецца з першага разу, будзе трэці, пяты, дзясяты. Вельмі не люблю быць слабай ці каб мяне шкадавалі – тады хочацца плакаць, а гэта таксама не па мне. Быў у маім жыцці цяжкі і пераломны момант. Мы з Сашам спачатку не планавалі трэцяе дзіця. А крыху абуладкаваліся і рашылі – а можа, паспрабуем? Усё атрымалася, а пасля высветлілася, што ў мяне замерлая цяжарнасць…  Пасля бальніцы месяц хадзіла, бы цень: нікога не бачыла, нічога не хацела. Але ў нейкі момант прыйшло азарэнне – што я раблю? Колькі ў свеце сем’яў, дзе не гучаць дзіцячыя галасы, колькі жанчын, якія не могуць зацяжарыць, але яны не наракаюць на лёс, а жывуць і ўсміхаюцца. А ў мяне такое багацце – двое сыноў! Дык чаму яны павінны бачыць маці ў такім стане? Так вярнулася да нармальнага жыцця. А праз нейкі час Бог паслаў нам Сафію… У любых сітуацыях трэба рухацца наперад і не траціць надзею. А яшчэ займацца любімай справай. Напрыклад, я люблю гатаваць. У 9 гадоў тата навучыў мяне тушыць бульбу з рабрынкамі – напэўна, тады ўсё і пачалося. Таксама люблю рабіць розныя рэчы – дзецям у школу, проста ўпрыгожванні. Яшчэ мая слабасць – кветкі! Яны ў нас усюды: дома, на клумбах. Ёсць таксама агарод, гаспадарка – куры, гусі, авечкі, свінкі, сабачка, каты. (Усміхаецца.) Як гэта, жыць на вёсцы і нічога не трымаць? Часам у мяне пытаюць, ці хацела б жыць у горадзе. Адназначна не! Я стамляюся ад шуму нават у Астраўцы. Люблю вёску, сям’ю, работу… Наогул – жыццё!

Коратка аб розным
– Што падымае настрой?
– Дзеці і іх дасягненні – добрыя адзнакі, атрыманыя веды. Калі яны прыходзяць са школы і садка і радасна шчабечуць, што сёння новага даведаліся. А таксама муж, які не забывае, што я – жанчына і радуе сюрпрызамі не толькі на 8 Сакавіка ці дзень нараджэння. Паехаў за дачкой у садзік – кветку прывёз. Прыемна! Памятаю, на Дзень закаханых я на рабоце была, а Саша тэлефануе – выйдзі. Ну, думаю, букет прывёз. А там вялізны, амаль у рост чалавека, беласнежны мішка з надпісам «Я цябе кахаю». І я, на той час ужо маці дваіх дзяцей, ледзь у далоні не пляскала ад радасці. Гэта было так міла. Пры тым што муж дарыў і больш каштоўныя падарункі: завушніцы, мабільнік, бытавую тэхніку… А вось успомніўся гэты мішка (Усміхаецца.)

– Вы любіце гатаваць. А якая ваша любімая страва?
– Салат «Цэзар». На дэсерт – мядовік, які сама пяку. А сярод першых страў уся наша сям’я вельмі любіць боршч – яго можна гатаваць кожны тыдзень.

– Любімае свята?
– Дзень нараджэнне. Шмат кветак, падарункаў, добрых слоў. А галоўнае, мяне помняць і любяць. 

– Вы ўдачлівы чалавек?
– Напэўна. Скажу больш, я – шчаслівы чалавек. У мяне цудоўная сям’я і любімая работа. Што яшчэ трэба!?

– Якой чароўнай сілай хацелі б валодаць?
– (Задумваецца.) Быць феяй. Ды не проста феяй, а феяй-урачом, каб дарыць усім здароўе. Цяпер столькі людзей хварэе, той жа «кавід» такія наступствы пакінуў – жах. Раней людзі да 80-90 гадоў жылі і моцнымі былі, а зараз столькі маладых гэты свет пакідае. Сумна. Вельмі хочацца, каб чароўныя феі-ўрачы існавалі і ўсё было па-іншаму. 

Студенческий отряд

Подробнее


Студенческий отряд

Молодежь предприятия приняла участие в акции "За любимую Беларусь"

БРСМ

Соседние подразделы:
Профсоюз
Белорусский профессиональный союз работников агропромышленного комплекса – добровольная общественная организация, объединяющая граждан Республики Беларусь, иностранных граждан и лиц без...
Республиканское общественное объединение «Белая Русь».
Комиссия по содействию семье и школе
Комиссия по борьбе с пьянством